«Бы дрэва, што мае адно карэнне…»

 Паэт Алесь Разанаў піша як адчувае. Яго словы знаходзяць тых, хто адчувае так жа. Адзінае адчуванне нараджаецца з нейкай ледзь улоўнай повязі, што існуе між людзьмі.  Яны могуць быць на адлегласці, могуць мець адлегласць у некалькі пакаленняў, але сыдуцца ў адзін дзень у адной кропцы. Таму што гэта кропка агульнага пачатку.  Радзіма — малая для некага — становіцца вялікай для многіх, калі яе ёсць каму ўслаўляць.
 Гэта маглі адчуць тыя, хто сабраліся ў чытальнай зале Бярозаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі на сустрэчу з Алесем Разанавым. Юбіляр гэтага года — адзначылі на пачатку імпрэзы. І ўзгадалі яшчэ адну сёлетнюю юбілярку — паэтэсу Раісу Баравікову. І Алесь Сцяпанавіч, і Раіса Андрэеўна ў свой час працавалі ў газеце «Літаратура і мастацтва», якая наогул у розныя перыяды сваёй 85-гадовай гісторыі (таксама адметная дата) знаёміла з творамі аўтараў, што родам з Бярозаўшчыны. Гэта было адлюстравана ў выстаўцы, падрыхтаванай супрацоўнікамі раённай бібліятэкі: па публікацыях з «ЛіМа» можна даведацца, якія творчыя сілы даў гэты раён Беларусі.
Цудоўна гэта ведае шматгадовы рэдактар раённай газеты «Маяк», краязнаўца і ганаровы грамадзянін горада Бяроза Яўген Сяленя:
— Бяроза адметная ў літаратурным плане: раён даў кагорту пісьменнікаў, кожным з якіх можна ганарыцца. Паэтэса Раіса Баравікова была рэдактарам часопіса «Маладосць», клапацілася пра прыток новых талентаў у літаратуру. Адметным творцам і неабыякавым чалавекам быў празаік і публіцыст Анатоль Казловіч. Наша зямлячка Ніна Мацяш — паэтка ад Бога. Выдатна працаваў як драматург і літаратар Мікола Арахоўскі, памятаем паэта і перакладчыка Васіля Сахарчука. Ганарымся творчымі людзьмі, пісьменнікамі і журналістамі Міхасём Шыманскім і Віктарам Супрунчуком, паэткай і празаікам Зінаідай Дудзюк… Большасць з іх пачыналі сваю літаратурную біяграфію ў нашай раённай газеце, яшчэ калі вучыліся ў школе, а пасля кожны праявіў сябе ў канкрэтным кірунку. Алесь Разанаў — гэта наш паэтфілосаф.
 Але Яўген Васільевіч памятае яшчэ Разанава-юнака родам з вёскі Сялец, які быў актыўным членам літаб’яднання «Крыніца» (пры рэдакцыі раённай газеты). Той юнак стаў паэтам еўрапейскага ўзроўню, быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Янкі Купалы, а таксама еўрапейскімі літаратурнымі ўзнагародамі, але ад сваёй радзімы не адарваўся. Словы цудоўнага паэта Рыгора Барадуліна «…дома бываць не госцем» для Алеся Разанава — аксіёма, у якой не трэба пераконваць. Запрасілі землякі на сустрэчу — ён прыехаў.
— Бяроза — гэта не толькі горад. Бяроза — гэта з’ява, — звярнуўся паэт да тых, хто сабраўся ў зале раённай бібліятэкі, дзе сярод аматараў паэзіі і сябраў літаб’яднання «Крыніца» былі настаўнікі літаратуры і вучні старэйшых класаў. — Гэта рэгіён, які ахоплівае розныя паселішчы, вёскі, усіх людзей, якія далучаны да гэтай зямлі: нарадзіліся тут ці гадаваліся, сталелі і прыходзілі да разумення саміх сябе. Для тых, хто з Бярозы, гэта не проста геаграфічная назва, а нават сімвал.
 Жыццё прасякнута сімвалізмам. Ці ўмеем мы счытваць гэтыя сімвалы, асэнсоўваць, так жа глыбока, як гэта робяць паэты? «Маем найбольшае самі» — таксама сімвалічная назва для вялікай работы, якая паяднала землякоў — прадстаўнікоў і носьбітаў адной традыцыі — беларускай кніжнай культуры. У анатацыі да кнігі «Маем найбольшае самі» гаворыцца: «Францыск Скарына — паэт. У тэкстах яго прадмоў да кніг Бібліі прысутнічае паэтычны пачатак. Пераствораныя на сучасную беларускую мову, яны становяцца з’явай самой паэзіі». Пра нараджэнне ідэі гэтай кнігі Алесь Разанаў распавёў на сустрэчы:
— Гэта кніга ўзнаўленняў прадмоў Францыска Скарыны. Ён выдаваў кнігі Бібліі, пераствораныя на старабеларускай мове, але да іх ён пісаў прадмовы… Я чытаў, учытваўся, нешта кранала, і ключ павярнуўся: яны загучалі. Загучалі моцна, празрыста, на сучаснай беларускай мове. Я знайшоў у іх паэтычны ключ. Гэта было нават трошкі нечакана для нашых літаратуразнаўцаў, яны прысвячалі сваю ўвагу, свае вышукі больш самому Скарыну і колішнім папярэднікам. Але Алег Лойка ў кнізе «Старабеларуская літаратура» прысвяціў раздзел, дзе казаў, што Скарына таксама паэт.  Я лічу, што ён не толькі першадрукар, але і ў самым высокім сэнсе творчая асоба, якая нараджала высокую паэзію, перадавала ягонае светаўспрыманне. Вось услухайцеся, як гэта гучыць: «…Гэтак і людзі: да месца, дзе нарадзіліся і ўзгадаваны ў Бозе, вялікую ласку маюць». Мы нарадзіліся і ўзгадаваны ў Бозе тут, у Бярозе, — дзякуй ёй за гэта…
 Чытаннем перастварэнняў Скарыны не абышлося. У адказ на пытанне пра пераклады і іншыя мовы Алесь Разанаў прачытаў уласныя вершы, створаныя па-літоўску.  Энергетыка рытму і гукаў зачаравала, моладзь цікавілася: а колькі ж моў ведае паэт. Пачулі: «Ёсць розная ступень ведання і розная ступень няведання мовы». Ступень ведання і няведання чужой мовы — зусім іншая, чым ступень ведання і няведання роднай мовы. Як ступень разумення і неразумення той сутнасці, што імкнуцца данесці словамі. Здавалася, зразумелі: пасля сустрэчы маладыя людзі падыходзілі да паэта па аўтографы.
 Мо новыя таленты з бярозаўскай крыніцы?

Ларыса Цімошык


snowflake snowflake snowflake snowflake snowflake snowflake snowflake snowflake snowflake snowflakeWordpress snowstorm powered by nksnow