Калумбы роднай літаратуры

 Карысная сустрэча, прысвечаная 135- годдзю нараджэння Калумбаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа, адбылася ў Белаазёрскай гарадской бібліятэцы імя Ніны Мацяш.
 Галоўная думка сустрэчы вызначана ў яе назве “Купала і Колас нас гадавалі”, што адмыслова падкрэслівае вялікую ролю творчасці класікаў беларускай літаратуры ў станаўленні і развіцці грамадскіх ідэалаў, эстэтычнага погляду і духоўнасці пакаленняў нашчадкаў, якія раслі на іх творах.
 Прэзентацыя біяграфій паэтаў упэўніла, што яны адны з найлепшых сыноў беларускай зямлі, якія прайшлі са сваім народам праз цяжкія выпрабаванні. У час вечарыны вядучая сустрэчы, загадчыца бібліятэкі Тамара Аляксандраўна Кузняцова цікава, з цеплынёй і павагай апавядала аб асноўных этапах жыцця і творчасці нашых вялікіх паэтаў. А як пранікнёна і шчыра чытала яна вершы! Прысутныя з задавальненнем слухалі і даўні запіс песень на словы Купалы “Малітва” і “Спадчына” ў выкананні ансамбля “Песняры” і яго кіраўніка Уладзіміра Мулявіна.
Змест сустрэчы кранаў душу, навяваў успаміны аб дзяцінстве, у якім адбылося знаёмства з творамі паэтаў, папоўніў веды аб іх асобах і творчасці, а галоўнае — выклікаў пачуццё гонару за дасягнені вялікіх майстроў беларускага слова – Якуба Коласа і Янкі Купалы, якія ўзнялі беларускую літаратуру да ўзроўню перадавых літаратур свету.
Гэта сустрэча – адна з шэрагу змястоўных мерапрыемстваў культурнага напрамку, якія даволі часта адбываюцца ў Белаазёрску, сведчыць аб тым, што жыхары горада маюць магчымасць дастойна, цікава і карысна правесці вольны час.
Трэба толькі да гэтага імкнуцца!

Людміла Шэмяціла


snowflake snowflake snowflake snowflake snowflake snowflake snowflake snowflake snowflake snowflakeWordpress snowstorm powered by nksnow