Літаратурны бульвар, рыбалка па-азёрску і Sunday

 Яна Пісецкая пачала наведваць Бешанковіцкую цэнтральную раённую дзіцячую бібліятэку з пачатковай школы. Сёлета паступіла ў Віцебскі медуніверсітэт. Але засталася актыўнай чытачкай. Каця Івашнёва — у восьмым класе. Таксама без кнігі сябе не ўяўляе. Нават браціка Пецю на вазку ў бібліятэку прывозіла. Зараз Пеця сам кніжкі выбірае. Фотавыявы ўсіх гэтых аматараў пачытаць — на своеасаблівай дошцы пашаны ля ўваходу ў дзіцячую бібліятэку. Прыдумала яе загадчык установы Ніна Галавешка. Як, зрэшты, і мультымедыйны праект “Імя на вокладцы”, што распавядае пра пісьменнікаў-юбіляраў, і акцыю “Часопісны дворык” (летнія чытанні ў гарпасялковым парку). А ў вашай установе, шаноўныя бібліятэкары іншых раёнаў і абласцей, ёсць такая дошка пашаны?Аўтар шматлікіх праектаў па прапагандзе здаровага ладу жыцця, наш вельмі актыўны пазаштатны карэспандэнт і загадчык аддзела маркетынгу Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Тамара Круталевіч працягвае гаворку пра доўгатэрміновую акцыю “Быць падлеткам — няпроста”. У адпаведнасці з ёй, бібліятэкары штогод узнімаюць праблемы, што турбуюць моладзь. Цяпер выхаванцам аздараўленчага летніка “Папараць-кветка” прапаноўваюцца ўрокі сяброўства. “Важна дапамагчы дзецям, — піша аўтар, — правільна расставіць акцэнты: хто такія сябры, як іх выбраць і наколькі важна ўмець сябраваць самому”.
 З 27 ліпеня ў сталічнай мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” працуе выстава Барыса і Аксаны Аракчэевых “Шчасце быць разам”. Гэта рэтраспектыўны паказ твораў жывапісу, графікі і акварэлі заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Барыса Аракчэева (1926 — 2013) і яго малодшай дачкі. Яе пэндзлю прыналежаць партрэты слынных дзеячаў нашай краіны. Апрача таго, упершыню прэзентуецца серыя пейзажаў “ Мядзельшчына пісьменніцкая”. Выстава будзе працаваць да 15 жніўня.
 Днямі Бяроза адзначыла 540-годдзе. Шмат людзей сабралося на літаратурным бульвары раённай бібліятэчнай сістэмы, што размясціўся на пляцоўцы “Сонечны гадзіннік” па вуліцы Савецкай. Бібліятэкары прапаноўвалі літаратурны шпацыр па горадзе. Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Бярозаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Галіна Крывашэева распавядае, што ў той дзень майстар-класы ладзілі супрацоўнікі Пескаўскай, Вайцяшынскай, Светацкай, Малецкай, Першамайскай сельскіх бібліятэк. Чытачы мелі магчымасць асвоіць навыкі дэкаратыўнага роспісу шкла, пляцення з газетных трубачак. Нават колішні старшыня Бярозаўскага райвыканкама Юрый Наркевіч не змог прайсці міма. “Парк літаратурных забаў дзіцячай бібліятэкі, — піша аўтар, — прапанаваў наведванне чытальнай залы пад адкрытым небам, паспрабаваць сябе ў ролі артыстаў лялечных тэатраў. У Арт-студыі юныя чытачы размалёўвалі свае твары аквагрымам і пераўвасабляліся ў казачных персанажаў”. А ў краязнаўчым кіёску можна было набыць інфармацыйны матэрыял аб знакамітых людзях і ваенным мінулым Бярозаўшчыны, падрыхтаваны аддзелам бібліятэчнага маркетынгу.
 Пескаўская сельская бібліятэка (Мастоўскі раён) правяла для аматарскага аб’яднання “Зносіны“ краязнаўчую гадзіну “Вечныя каштоўнасці”. Мерапрыемства стала складнікам раённага бібліятэчнага конкурсу на лепшае пасяджэнне аматарскіх фармаванняў. “Размова ішла пра мінулае і сённяшняе нашага краю, пра вёску Пескі, — паведамляе бібліятэкар згаданай установы Ірына Шэйно. — З гэтай нагоды была падрыхтавана фотавыстава. Здымкі адлюстроўвалі помнікі і пахаванні, што ёсць у Песках. Настаяцель Свята-Мікалаеўскай царквы Віктар Шнайдар гаварыў пра повязь часін, духоўнасць, што мацуе традыцыі”.
 Працяг бясконцай гаворкі пра брэнды. У аграгарадку Азёры (Гродзенскі раён) у чацвёрты раз прайшло Свята рыбака. Грамада высвятляла, хто з вяскоўцаў лепш валодае вудай. Як сцвярджае намеснік дырэктара Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Ганна Сіманенка, такія мерапрыемствы не абыходзяцца без удзелу калектываў аматарскай творчасці раёна. А мясцовыя клубнікі падрыхтавалі забаўляльна-гульнявую праграму “Рыбалка па-азёрску”. Працавалі дзіцячыя атракцыёны, выязны гандаль, можна было ўзяць напракат катамараны. Скончылася свята дыскатэкай.
 І яшчэ адна навіна ад Ганны Сіманенка. Вёска Караліно стала месцам правядзення VIII Міжнароднага аўтафестывалю “Sunday-2017”. Ён пабіў свае леташнія рэкорды.  Удзельнікаў стала ў два разы больш, якасна змянілася і тэхнічнае “прадстаўніцтва”. Сабралася тут каля трохсот рэдкіх аўтамабіляў і матацыклаў з Польшчы, Літвы, Латвіі, Румыніі, Іспаніі, Германіі… Мяркуйце, якія былі намінацыі — “Рэтра”, “Цюнінг”, “Аэраграфія”, “Вінілаграфія”, “Аўтагук”. Хэдлайнерам фэсту стаў гурт “Ляпіс-98”, які выканаў лепшыя хіты за 25 гадоў.
 Юныя мастакі ўзорнай студыі выяўленчага мастацтва “Шар” пад кіраўніцтвам Наталлі Талантавай з Палаца культуры вобласці (Магілёў) бралі ўдзел у III Міжнародным конкурсе “Гранд фэст”, што адбываўся ў італьянскім горадзе Пезара. Конкурс — частка доўгатэрміновага праекта “Хваля ідэй”. Пра гэта распавяла начальнік аддзела культурна-дасугавай дзейнасці Палаца культуры Магілёўскай вобласці Ала Кускова. Лаўрэатамі першай ступені сталі Яна Гручанкова і Варвара Грышкіна; другой — Ульяна Новікава, Крысціна Строцкая, Лідзія Чорная; трэцяй — Ксенія Шарстук, Кацярына Фёдарава, Аляксандра Жыгунова, Аляксандра Маркава, Дар’я Кісялёва, Соф’я Накладовіч, Любава Броўкава і Ніколь Далгулёва. Кіраўніку студыі Наталлі Талантавай быў уручаны кубак фэсту. А работы студыйцаў прэзентаваліся на радзіме мастака Рафаэля ў горадзе Урбіна. “Фэст быў двухузроўневы, — піша Ала Кускова. — Апрача конкурсу і выставы лепшых работ прайшоў яшчэ і пленэр ля замка герцага Федэрыга ды Монтэфельтра”.
 У гарадскім пасёлку Казлоўшчына, што на Дзятлаўшчыне, 23 ліпеня прайшло свята, прымеркаванае да Дня яго вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Прайшло з таго часу 73 гады. У паселішчах мясцовага сельсавета жывымі засталіся толькі чатыры ветэраны мінулай вайны. Жыхары мястэчка і госці свята ўшанавалі памяць загінулых у гады Вялікай Айчыннай хвілінай маўчання. Пра гэта нам напісала Настасся Голуб. Да падзеі былі прымеркаваны кніжныя выставы, якія размясціліся ў скверы. Асобны стэнд прысвячаўся ветэранам. Палявая кухня гатавала для ахвотных кашу, юшку, чай.
 Чарговая інфармацыя з Дзятлаўшчыны ад Настассі Голуб. Свята мёду правялі ў аграгарадку Раклевічы. Такі мядовы брэнд абраны невыпадкова: мясцовая сельскагаспадарчая арганізацыя займаецца пчалярствам, мае 68 пчоласем’яў і штолета атрымлівае да тоны мёду. Да пчалярскай справы прызвычаіліся і многія вяскоўцы.  Блінцы з салодкай “прыправай” былі на свяце бясплатнымі. А канцэртную праграму прысутным прапанаваў народны ансамбль народнай музыкі “Гудскі гармонік” з Лідскага раёна.
 Вядучы метадыст Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ганна Некраш паведаміла пра фальклорную акцыю “Згукі Бацькаўшчыны”, што прайшла днямі у Лідскім замку. Народныя песні прагучалі ў выкананні лепшых гуртоў раёна.

Аўтар: Яўген Рагін


snowflake snowflake snowflake snowflake snowflake snowflake snowflake snowflake snowflake snowflakeWordpress snowstorm powered by nksnow