Літаратурна-краязнаўчая гасцёўня

     У Сялецкай сельскай бібліятэцы з 2008 года дзейнічае літаратурна-краязнаўчая гасцёўня “Вытокі Башты”, у якой сабраны шырокі банк матэрыялаў па літаратурнаму і гістарычнаму краязнаўству. Вёска Сялец, якая мае 617-гадовую гісторыю, – радзіма вядомых беларускіх літаратараў – паэта Алеся Разанава, празаіка Віктара Супрунчука, драматурга Мікалая Арахоўскага, Аляксандра Акінчыца, які захаваў для нашчадкаў у друкаваным выглядзе поўны тэкст паэмы “Тарас на Парнасе”, вядомага этнографа Іосіфа Здановіча, а таксама продкаў вядомага акцёра і паэта Уладзіміра Высоцкага.
    Бібліятэчная гасцёўня займае асобную комнату, дзе дзейнічаюць выставачныя экспазіцыі: “Радзімай зямлі галасы”, “Творца – з’ява касмічная”, “Да вытокаў сваіх вяртаемся”.

                                                S7000027

    Краязнаўчая гасцёўня “Вытокі Башты” знаёміць з арыгіналамі дзесяці п’ес і мастацкімі палотнамі Мікалая Арахоўскага, якія перадалі ў бібліятэку бацькі драматурга, унікальным зборнікам “Народные песни местечка Селец”, дароўнымі кнігамі паэтаў-землякоў, а таксама масцовага краязнаўцы Мікалая Пейгана, рукапіснымі альбомамі, часопісамі “З гісторыі маёй вёскі”, “Старажылы расказваюць…”, гістарычнымі дакументамі, даследчымі манаграфіямі па творчасці паэтаў-землякоў, сцэнарнымі распрацоўкамі мерапрыемстваў, калекцыяй рэдкіх фотаздымкаў з жыцця сельчукоў.

   Супрацоўнік бібліятэкі арганізоўвае пазнавальныя экскурсы для вучняў мясцовай школы і школ раёна, краязнаўцаў, выхаванцаў летніх аздараўленчых лагераў, замежных гасцей і з радасцю дзеліцца тымі духоўнымі каштоўнасцямі, якія сабраны ў літаратурна-краязнаўчай гасцёўні сельскай бібліятэкі.