Мясцовыя краязнаўцы

Гладышчук Анатоль Антонавіч
  Бярозаўскі краязнаўца, нарадзіўся ў в.Чарнякава, кандыдат фізіка-матэматычных навук, загадчык кафедры фізікі Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта.
 Анатоль Антонавіч займаецца даследваннем шматлікіх таямніц Бярозаўскага краю, найперш сваёй роднай вёскі Чарнякава і суседніх сёл. Менавіта яму ўдалося ў межах архіўнай судовай справы вызначыць дакладную дату першага ўпамінання паселішча Малыя Лясковічы.
  Працуе над напісаннем вялікай кнігі пад назвай “Черняков”, у якой будуць адлюстраваны гістарычныя падзеі не толькі роднай вёскі, але і суседніх населенных пунктаў – Пешкі, Боркі, Лясковічы, Міхалкі, Судзілавічы, Стаўкі, а таксама навакольных хутароў. Вядзе актыўны пошук старадаўніх дакументаў, у тым ліку ў архівах Вільнюса і іншых гарадоў.
  Пастаянны ўдзельнік краязнаўчага праекта Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М.Горкага – міжнародных канферэнцый, Круглых сталоў “Берасцейскія кнігазборы”.

Дзядзічкіна Наталля Яўгеньеўна
  Бярозаўскі краязнаўца, нарадзілася ў в. Боркі, кандыдат гістарычных навук.
Пражывае ў Брэсце.
 Аўтар кнігі аб’ёмам у 600 старонак “Малыя Лясковічы. Была такая вёска…”, якую прысвяціла памяці сваёй маці Таццяны Іванаўны і ўсіх тых, хто жыў у вёсцы і даражыў гэтай зямлёй, а пошук старажытных звестак вяла ў архівах Брэста і Гродна. У гістарычным нарысу асвятляецца гісторыя вёскі Малыя Лясковічы Бярозаўскага раёна, прыводзяцца звесткі аб маёнтках Вялікія Лясковічы, Меншыя Лясковічы і іх уладальніках, расказваецца пра лёсы жыхароў вёсак Малыя Лясковічы і Вялікія Лясковічы ў перыяд паміж першай і другой сусветнымі войнамі, падчас другой сусветнай вайны і ў пасляваенны час.

Жуковіч Мікалай Васільевіч
   Дырэктар Бярозаўскай сярэдняй школы № 1 імя Віктара Галаўко. У 2014 годзе ўзнагароджаны нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі”.
  Аўтар кніг “Сучасныя педагагічныя тэхналогіі на ўроках беларускай мовы і літаратуры” (2007) і “Сучасныя адукацыйныя тэхналогіі на ўроках беларускай мовы і літаратуры і пазакласных мерапрыемствах” (2015). Рэгулярна друкуецца ў часопісах “Беларуская мова і літаратура”, “Роднае слова”, “Настаўніцкая газета” і на старонках раённай газеты “Маяк”. Яго пяру належыць звыш сарака навукова-педагагічных і краязнаўчых артыкулаў.
  Разам з вучнямі-краязнаўцамі збірае матэрыял пра жыццё і літаратурную дзейнасць пісьменнікаў-землякоў Ніны Мацяш і Міколы Арахоўскага. Дзякуючы намаганням Міколы Васільевіча, яго выхаванцы станавіліся дыпламантамі конкурса даследчых прац школьнікаў, наладжаным Саюзам пісьменнікаў Беларусі і часопісам “Роднае слова”.
     Прымае ўдзел у краязнаўчых мерапрыемтвах  Бярозаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі.

Кнырэвіч Сяргей
  Бярозаўскі краязнаўца, які цяпер жыве ў Мінску. Больш за 20 гадоў даследвае гісторыю Бярозаўскага раёна, у прыватнасці гісторыю Бярозаўскага кляштара картузіянцаў. Вывучае радаводы вядомых людзей, карані якіх вядуць у наш район, у Брэсцкую вобласць.
   Займаецца даследча-пошукавай працай па гісторыі Першай сусветнай вайны і Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Бярозаўскага раёна.
   Краязнаўца перадаў у фонд Бярозаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі аблічбаваныя матэрыялы горада Бярозы перыяду Першай сусветнай вайны.

Куванаў Юрый Анатольевіч
 Бярозаўскі краязнаўца, працуе інжынерам-праграмістам ААТ “Бярозаўскі сыраробны камбінат”, калекцыянер. Калекцыяніруе старадаўнія паштоўкі, каляндарыкі, старыя фота беларускіх гарадоў. У яго калекцыі ёсць здымкі і паштоўкі з выглядамі Брэста, Бярозы і іншых мясцін Бярозаўскага раёна. Займаецца калекцыяніраваннем больш за 10 гадоў.
  Захапляецца філатэліяй, калекцыяніруе і вывучае знакі паштовай аплаты, паштовыя штэмпелі, паштоўкі з маркамі, канверты, паштовыя карткі.
  З’яўляецца членам Беларускага саюза філатэлістаў.

S6300161     Міхнюк Аляксандра Якаўлеўна
   Бярозаўскі краязнаўца, стараста в.Пескі, старшыня савета ветэранаў, дэпутат Пескаўскага сельскага Савета.
  Працавала над кнігай “Здзітава – Радзіма мілая!”, прысвечанай гісторыі, культуры, традыцыям і людзям вёскі Здзітава.
    Збірае матэрыялы аб ветэранах Вялікай Айчыннай вайны і ветэранах працы Пескаўскага сельвыканкама. Друкуецца на старонках раённай газеты “Маяк” і абласной “Заря”.

Няпарка Валерый Аляксандравіч
  Бярозаўскі краязнаўца, падпалкоўнік у адстаўцы, адзін са стваральнікаў у Бярозаўскім раённым ваенным камісарыяце музея баявой славы частак Бярозаўскага гарнізона.
 Збірае матэрыялы аб гісторыі 151-га Пяцігорскага пяхотнага палка, для размяшчэння якога і былі пабудаваны ў 1894 годзе Чырвоныя казармы.
 Займаецца даследваннем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны на тэррыторыі Бярозаўскага раёна.
  Удзельнічае ў патрыятычных і краязнаўчых мерапрыемствах Бярозаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі.

Пейган Мікалай Аляксандравіч
  Бярозаўскі краязнаўца, ураджэнец вёскі Сялец, былы настаўнік гісторыі Сялецкай сярэдняй школы і былы кіраўнік школьнага музея.
   Аўтар кнігі аб гісторыі вёскі Сялец “Сяло ля Башты” (2003 г.), другое выданне якой выйшла ў 2009 годзе ў сталічным выдавецтве “Кнігазбор”.
  Мікалай Аляксандравіч сумесна з навучэнцамі сабраў цікавы матэрыял аб гісторыі вёскі Сялец: “Гісторыя развіцця хутарской гаспадаркі на тэрыторыі Заходняй Еўропы”, “Сталыпінская аграрная рэформа ў 20 стагоддзе ў Сяльцэ”, “Еврейский народ в Сельце и округе” і інш. Гэты каштоўны матэрыял беражліва захоўваецца ў краязнаўчым фондзе Сялецкай сельскай бібліятэкі. Краязнаўца рэгулярна папаўняе сваімі напрацоўкамі літаратурна-краязнаўчую гасцёўню сельскай кніжніцы “Вытокі Башты”, праводзіць сустрэчы з чытачамі, удзельнічае ў раённых мерапрыемствах па краязнаўству, друкуецца на старонках газеты “Маяк”.

Сінкевіч Мікалай Мікалаевіч
 Бярозаўскі краязнаўца, ураджэнец в. Блудзень, загадчык аддзела моладзі і журналісцкіх расследаванняў раённай газеты “Маяк”. Аўтар цэлага рада публікацый па гісторыі і духоўнай спадчыне Бярозаўскага рэгіёна.
 Актыўна ўдзельнічае ў выдавецтве гісторыка-краязнаўчага часопіса (альманаха) “Гістарычная брама”, з выпускамі якога можна пазнаёміцца ў чытальнай зале Бярозаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі.
  Мікалай Сінкевіч – пастаянны ўдзельнік міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Берасцейскія кнігазборы”, арганізатарам якой выступае абласная бібліятэка імя М.Горкага. У 2014 годзе прымаў удзел у рабоце міжнароднай канферэнцыі па тэме “Гісторыя праваслаўных парафій і духавенства Падляшша і Заходняй Беларусі ў 19-20 стагоддзях”, якая праходзіла ў Рэспубліцы Польшчы.
  Любімая тэма журналіста-пошукоўца – збор інфармацыі і крыніц па гісторыі кляштара картузіянцаў.
   Сёння краязнаўца ў сааўтарстве з дацэнтам УА “Палескі дзяржаўны універсітэт” Аляксандрам Ільіным працуе над кнігай па гісторыі в. Першамайская (Блудзень).


snowflake snowflake snowflake snowflake snowflake snowflake snowflake snowflake snowflake snowflakeWordpress snowstorm powered by nksnow