Напярэдадні свята пісьменства і друку

  Гэтая літаратурная старонка выйдзе напярэдадні Дня беларускага пісьменства і друку, які ў нас на Бярозаўшчыне адзін з найбольш любімых святаў. Бярозаўская зямля – цудоўная блакітна-ясназорная старонка, дзе паэзія разліта ў паветры, дзе, здаецца, нельга не быць паэтам. Славутыя літаратурныя імёны нашых землякоў вядомыя амаль кожнаму – Ніна Мацяш, Алесь Разанаў, Віктар Супрунчук, Раіса Баравікова, Васіль Сахарчук, Зінаіда Дудзюк. Яскравымі зорачкамі зіхацяць імёны Канстанціна Дроня, Аляксандра Пашчанкі, Валянціны Осіпавай, Кіры Арцішэўскай, Уладзіміра Сіпягіна, Галіны Масейчук, Алены Усцілоўскай, Аксаны Валуй, Людмілы Гайчук. Мы зноў і зноў адкрываем чытачам новыя імёны: Алена Папко, Вольга Варанко, Максім Гансецкі, Ксенія Курневіч. Мы вельмі ўдзячны вам за працу, натхненне, вернасць нашай “Крыніцы”.
  Шмат глыбокіх, таленавітых, захапляльных кніг бярозаўскіх аўтараў выдадзена ў гэтым годзе. Гэта другое выданне кнігі-летапісу “Память. Историко-документальная хроника Березовского района”, падрыхтаванае з удзелам ветэрана беларускай журналістыкі Яўгена Сялені; паэтычны зборнік Ніны Мацяш “Візітоўка”, які ўбачыў свет дзякуючы сябрам паэткі Уладзіміру Васілевічу і Галіне Скарыне; грунтоўнае акадэмічнае выданне – зборнік “Бяроза і Бярозаўскі рэгіён”, якое выйшла ў выдавецтве “Беларуская навука”; фундаментальная праца кандыдата гістарычных навук Наталлі Дзядзічкінай “Малыя Лясковічы. Была такая вёска…”, мноства паэтычных зборнікаў землякоў. Гэты працэс нельга прыпыніць: штогод з’яўляюцца новыя творы, друкуюцца новыя кнігі. Няхай жыве роднае слова, натхнёнае любоўю да роднай зямлі і суайчыннікаў – цудоўных людзей, якія яе галоўная каштоўнасць.


snowflake snowflake snowflake snowflake snowflake snowflake snowflake snowflake snowflake snowflakeWordpress snowstorm powered by nksnow