Непрыдуманыя лёсы

  На працягу жыцця амаль увесь вольны час аддаю чытанню. Гэта стала патрэбай,нягледзячы на акадэмічную адукацыю, – як падпітка душы. Шчыры дзякуй бібліятэкарам цэнтральнай раённай бібліятэкі Але Кумпель, Жанне Плашкевіч, Таццяне Хілько, Святлане Гунік, а асабліва Людміле Сядовай, якія ведаюць запросы і ўмела кіруюць нетолькі маім чытаннем, але і шматлікіх наведвальнікаў рознага ўзросту, ахвотна прапануюць друкаваныя выданні беларускай і замежнай літаратуры.

  Што ўразіла з прачытанага за апошні час? Найперш, навінкі з серыі «Жизнь замечательных людей» расійскіх выдавецтваў. Гэта «Алексий ІІ», «Борис Ельцин», «Валерий Харламов» – пра знакамітых людзей ХХ стагоддзя, якія пакінулі адметны след у гісторыі некалі вялікай дзяржавы. З новых аўтараў – Арыядна Барысава, аўтарка таленавітага рамана «Змеев столб». Анатацыя маёй любімай пісьменніцы Людмілы Уліцкай да гэтага твора была лепшым пацвярджэннем таго, што свой вольны час я не змарную дарма. А яшчэ проза беларусаў Генадзя Пашкова, Юліі Зарэцкай, публіцыстыка нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексяевіч, прызнаных майстроў слова Міхася Шыманскага, Зіновія Прыгодзіча, паэзія Навума Гальпяровіча і Валянціны Аколавай.
  Непрэзентабельнай на першы погляд падалася кніга Анатоля Брытуна «Пах мускусу». У сціплых шэрых колерах мяккая вокладка, выданне Брэсцкай друкарні, наклад 300 экзэмпляраў. Чытаю біяграфічныя звесткі пра аўтара: нарадзіўся у Жабінкоўскім раёне, скончыў Пінскі гідрамеліяратыўны тэхнікум, мае дзве вышэйшыя адукацыі, працуе старшым інспектарам Брэсцкай мытні. Як бачым, свой чалавек, зямляк. Гэты першы твор пісьменніка адлюстроўвае жыццё стражнікаў Белавежскай пушчы з сярэдзіны ХІХ і да пачатку ХХ стагоддзя.
  Не будзем узгадваць прымаўку пра «першы блін», таму што былі ў Брытуна шматлікія публікацыі ў перыядычных выданнях, якія цёпла сустрэлі чытачы, але першая кніга надае аўтару іншы статус. Пісьменнік з першай старонкі свайго рамантычнага твора з любоўю і захапленнем да неабсяжных прастораў пушчы запрашае нас у цікавае падарожжа і знаёміць з амаль дэтэктыўнымі прыгодамі стражнікаў і стралкоў некалькіх пакаленняў вялікай сям’і Данілы Селівана, яго сыноў Рыгора і Ціхана, іх дзяцей і ўнукаў, расказвае легенды і паданні пра Вечнага стражніка Белавежскай пушчы. Адказную задачу выконвалі гэтыя людзі: яны захоўвалі зуброў, прадстаўнікоў пароды першабытных жывёл, жылі ў леснічоўках і зберагалі для нашчадкаў супакой векавога лесу, адзінага цнатлівага куточка прыроды ў цэнтры Еўропы. Не шкадуючы сябе, у любое надвор’е стражнікі былі ў пушчы, ведалі ўсіх сваіх гадаванцаў-зуброў, змагаліся з браканьерамі, адстойвалі пушчу і ў гады ваеннага ліхалецця. На пачатку ХХ стагоддзя ў пушчы было 700 зуброў. Першая сусветная вайна полымем ахапіла і гэты край, акупанты вынішчалі не толькі зуброў, яны вырубалі і вывозілі карабельныя сосны, магутныя дубы. Рызыкавалі сваім жыццём і стражнікі, якія не пайшлі ў бежанства, гінулі ад рук браканьераў, але да скону жыцця выконвалі свой пачэсны абавязак па захоўванні прыроднай спадчыны. Ёсць звесткі, што ў 1919 годзе ў Белавежскай пушчы былі вынішчаны ўсе зубры.
  Чым уразіў гэты твор? Найперш, прыгодніцкім сюжэтам – не бандыцкімі разборкамі з-за грошай і красунь, па-другое, яскравай літаратурнай мовай, якая настолькі мілагучная і запамінальная, што быццам чытаеш не празаічныя радкі, а паэтычныя вершы аўтара, улюбёнага ў цёмны лес свяшчэннай дубровы, дзе кожнае дрэва як жывая істота, а зубры, касулі, птушкі, камяні і курганы найдаражэйшы скарб. Дзякуючы Брытуну, мы насамрэч упершыню даведаліся пра жыццё стражнікаў, звычаі мясцовых жыхароў, народныя святы і паданні. Таму з цікавасцю і ахвотай пазнаёмілася з другой кніжкай гэтага самабытнага пісьменніка, аповесцю «Сяліба».
  У эпіграфе словы Уладзіміра Караткевіча «Жыццё «прыдумаць» нельга. Жыццё можна толькі ўзнавіць». І зноў дадаю, што ўпершыню з такой ахвотай чытала прыгодніцкі твор пра лёс селяніна, жыхара Берасцейскага рэгіёна Янкі Лазарчука з вёскі Несцяроўскія Лозы Кобрынскага павета. У юнацкім узросце ўпадабаў хлопец сваю Марылю, а каб стаць гаспадаром і сямейні_кам з любай дзяўчынай, паехаў на заробкі ў Амерыку. Цяжка працаваў, вярнуўся на радзіму, купіў зямлю, ажаніўся. Прагны да жыцця, гэты чалавек быў бы гонарам свайго народа і роднай Беларусі, але час выбраў яго лёс. Першая сусветная вайна, бежанства, жыццё ў Расіі, пекла рэвалюцыйнай калатнечы, патаемнае вяртанне з сям’ёй на радзіму, дзе ад роднай сялібы засталося папялішча, існаванне пры «польскім часе», потым пры Саветах, зноўку вайна, калектывізацыя, высылка як ворага народа. І пры гэтым галоўны герой Ян Лазарчук застаўся чалавекам. Праз усё жыццё ён пранёс каханне да адзінай жанчыны, якую выбраў у маладосці, любоў да беларускага краю, роднай мовы і сваёй зямелькі, якой з потам і крывёю аддаваў сілы. І не прыдуманы такі чалавечы лёс, таму што ў аснову ўзяты факты з кнігі «Бежанства 1915 года». Каб кожны, хто прачытае гэты твор, сэрцам успрыняў думкі і памкненні галоўнага героя да асэнсавання гісторыі роднага краю і свайго ўласнага лёсу.
  Мяркую, што сучаснага чытача зацікавіць і твор Канстанціна Перапяліцы «Мыс забытых людзей» – пра тое, адкуль паходзіць сучаснае Берасце – Брэст, жыццё, спадзяванні, прыгоды і станаўленне гэтага паселішча, гісторыя пра тое, як жылі нашы продкі па берагах Буга, Мухаўца, Піны. Аповесць таксама нашага сучасніка і земляка. Радуе, што беларускую літаратуру ўзбагачаюць новыя творы сучасных аўтараў, якія годна і хораша апавядаюць пра лёс беларусаў у імклівых колах гісторыі.

Людміла ГІЛЁВА.


snowflake snowflake snowflake snowflake snowflake snowflake snowflake snowflake snowflake snowflakeWordpress snowstorm powered by nksnow