«Скарынаву кнігу ў вечнасць пусціць…»
Знакавай падзеяй культурнага жыцця Беларусі, якая сведчыць пра багацце гістарычнай спадчыны і духоўных традыцый нашага народа, з’яўляецца Дзень беларускага пісьменства. У Бярозе свята было прымеркавана да Дня бібліятэк.
На пляцоўцы паміж будынкам раённай бібліятэкі і скверам былі разгорнуты выставы і экспазіцыі: «На кніжных прасторах любай Беларусі», «Мова пачынаецца са слоўніка», «Залацінкі бібліятэчнай творчасці» і іншыя. Гучалі цымбалы і беларускія песні, мастацкае слова на фоне музыкі… Вельмі ўдалае афармленне было здзейснена талентамі Бярозаўскай дзіцячай школы мастацтваў. У чарговы раз уразіла, з якой адказнасцю ставяцца нашы паважаныя бібліятэкары да мерапрыемстваў. Яны цудоўна валодаюць беларускім паэтычным словам, якое радуе душу. Своеасаблівую настраёвасць унеслі песні, таленавіта выкананыя Ірынай Мальковай, а таксама вучнямі школы мастацтваў Арынай Гальчук і Сняжанай Труцько.
Запамінальнай стала старонка, прысвечаная падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Гледачам прадэманстравалі новае выданне кнігі-летапісу «Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Бярозаўскага раёна», якое ўбачыла свет у 2015 годзе. Цёплыя словы былі прысвечаны добрасумленнаму «крынічаніну», аўтару некалькіх вершаваных зборнікаў К.В. Дроню, які быў сапраўдным патрыётам бярозаўскай зямлі.
Было прыемна пачуць аб бібліятэкарах-намінантах конкурсу «Героическую землю наследую я». Гэта бібліятэкары А.М. Жуковіч са Здзітава, С.М. Пунько са Стрыгіні, Л.І. Рудзьман з Вайцяшына, Т.Р. Ліннік з Сяльца, Л.П. Юдчыц з Борак, А.С. Жуковіч са Спорава. Са словамі віншавання і ўручэннем падарункаў звярнулася да іх начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Т.М. Кавалёк. Паказаны былі і краязнаўчыя працы, якія ўбачылі свет у гэтым годзе, найбольш прыемна, што іх аўтары – ураджэнцы Бярозаўшчыны. Таксама прагучала віншаванне юбіляру, патрыярху беларускай публіцыстыкі, пісьменніку Міхаілу Шыманскаму, які з любоўю піша пра сваю малую радзіму – вёску Пешкі Бярозаўскага раёна. Не прамінулі ўвагай і новую яскравую зорку на літаратурным небасхіле Бярозаўшчыны – паэтку з вёскі Сакалова Алену Папко – лаўрэата Літаратурнага конкурсу імя М. Багдановіча.
Нізкі паклон усім, хто сваімі сіламі і талентам арганізаваў такое цудоўнае свята. Хай будзе светла ўсім нам з беларускай мовай і Скарынавай кнігай, якая прыйшла з мінулага, павяла нас за сабой і ўвайшла ў будучыню.
Галіна ХАЛІМОНЧЫК.