Дудзюк Зінаіда Іосіфаўна
Паэтэса, празаік, драматург, перакладчыца, член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1986 г., лаўрэат абласных прэмій “Берасцейская зорка-1996” і “Пісьменнік года-2004”.
Нарадзілася 29 сакавіка 1950 года ў вёсцы Слабодка Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці. У дзіцячыя гады разам з бацькамі жыла ў Расіі і Украіне, у 1960 годзе прыехала ў малады горад энергетыкаў Белаазёрск, дзе ў 1966 годзе скончыла сярэднюю школу. Друкавалася ў Бярозаўскай раённай газеце «Маяк коммунизма». Працавала тынкоўшчыцай на будоўлі, інжынерам у праектным інстытуце і на вытворчасці (пасля заканчэння ў 1977 годзе вячэрняга факультэта Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута) у горадзе Брэсце, куды на пастаяннае месца жыхарства пераехала ў 1968 годзе. У 1993 годзе Зінаіда Дудзюк скончыла Вышэйшыя літаратурныя курсы пры Літаратурным інстытуце імя М.Горкага ў Маскве. Працавала на журналісцкай пасадзе ў абласной газеце “Народная трыбуна” і загадчыкам літаратурнай часткі Брэсцкага тэатра драмы і музыкі.
З 1976 года друкуецца ў рэспубліканскіх выданнях.
Аўтар зборнікаў вершаў Зінаіды Дудзюк “Праводзіны птушак” (1986), “Абрысы лета”, “Так і не”, “Табе”.
Адначасова Зінаіда Дудзюк піша прозу. У свет выйшлі яе кнігі “Палоннікі жыцця”, “Шляхамі адвечнага слова”, “Кола Сварога”, а ў 2004 годзе чытачы пазнаёміліся з раманам пісьменніцы “Год 1812”.
У 2010 годзе ў выдавецтве “Беларускі Дом друку” у серыі “Бібліятэка сучаснай беларускай фантастычнай і прыгодніцкай літаратуры” убачыў свет зборнік “Аднарог”, у якім змешчаны аднаіменная фантастычная аповесць, пяць апавяданняў і гістарычны прыгодніцкі раман “Велясіты”.
У апошнія гады Зінаіда Дудзюк грунтоўна працуе ў галіне драматургіі, выдадзены зборнікі п’ес “Чароўнае слова” і “Зачараванасць тэатрам”.
Для дзіцячага чытача напісаны п’есы: “Дудка-самагудка”, “Сінязорка”, “Чароўны гадзіннік”, “Зоркі-лятавіцы”, “Жывая вада”, “Канікулы на астэроідзе”. Некаторыя з іх ставіліся на радыё, у Брэсцкім тэатры драмы і музыкі, Мінскім абласным драмтэатры, самадзейнымі тэатрамі і студыямі.
Зінаіда Дудзюк пераклала на беларускую мову казку П.Яршова “Канёк-гарбунок”, камедыю Яна Ходзькі “Вызваленая Літва”, а таксама асобныя вершы з рускай і украінскай моў.
У 2012 годзе Зінаіда Дудзюк выдала кнігу-эсэ “Нямеранае багацце”, у якой паспрабавала раскрыць асобныя загадкі славянскай міфалогіі і адметнасць мыслення нашых продкаў.