З душой да спадчыны

 13 верасня ў актавай зале аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама прайшло свята пад назвай “І вечным застанецца слова…”, прымеркаванае да Дня беларускага пісьменства і Дня бібліятэк.
 Гэта было маштабнае мерапрыемства ўшанавання кнігі і роднага слова, на якім прысутнічалі супрацоўнікі бібліятэк, культработнікі, вучні гарадскіх школ, ганаровыя госці і звычайныя гледачы. Падзея такога кшталту адбылася ў Бярозе ў дзявяты раз.
Гаворка ішла пра 500-годдзе айчыннага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання, юбілеі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка, Раісы Баравіковай, Алеся Разанава, якія адзначаюцца сёлета ў Беларусі.
 Вядучыя акрэслілі асноўныя вехі дзейнасці беларускага першадрукара Францыска Скарыны і паэтаў-юбіляраў, чытальнікі дэкламавалі вершы, юныя вакалісты выконвалі беларускамоўныя песні.
 Бібліятэчная сістэма раёна прапагандавала кнігу як найвялікшую каштоўнасць. Былі прыведзены важкія довады наконт запатрабаванасці друкаванага слова. Так, выдавецкай дзейнасцю ў рэспубліцы цяпер займаецца больш за пяцьсот выдавецтваў. У мінулым годзе ў краіне выдадзена звыш дзесяці тысяч кніг агульным тыражом больш за 23 мільёны экзэмпляраў. Штогод павялічваецца выпуск кніг на беларускай мове – у сярэднім тысяча дзвесце назваў тыражом каля чатырох мільёнаў экзэмпляраў.
 Яркімі атрымаліся выступленні настаўніка наватара, выдатніка адукацыі, аўтара вучэбных дапаможнікаў для педагогаў і вучняў, дырэктара сярэдняй школы №1 г. Бярозы імя В.Х. Галаўко Мікалая Жуковіча і паэткі з Бярозы, настаўніцы Стрыгінскай сярэдняй школы Алены Казловіч-Усцілоўскай.
Шчыра пераконваючы ў адметнасці беларускай мовы, Мікалай Жуковіч падкрэсліў, што сёння роднае слова – наша філасофія, наш менталітэт. Расказаў, як стаў аўтарам падручнікаў і над чым працуе зараз.
 Алена Казловіч-Усцілоўская пранікнёна чытала свае вершы, вяла дыялог з глядацкай аўдыторыяй, адзначыла значнасць мерапрыемства: “Мы дакрануліся душой да спадчыны”, – сказала яна.
 Са сцэны прагучалі імёны і іншых нашых землякоў-літаратараў, якія сваёй творчасцю ўславілі родную зямлю. Гэта Ніна Мацяш, Зінаіда Дудзюк, Мікола Арахоўскі, Віктар Супрунчук і многія іншыя.
 З прывітальным словам звярнулася да прысутных дырэктар Бярозаўскай раённай бібліятэчнай сістэмы Ірына Макарэвіч. Яна таксама выказала спадзяванне, што свята стане добрым укладам у культурную скарбонку Бярозаўшчыны. Пад апладысменты дырэктар уручыла ўзнагароды прызёрам раённага конкурсу прафесійнага майстэрства “Мая бібліятэка ў Інтэрнэт-прасторы”. Дыплом першай ступені прысуджаны загадчыку Белаазёрскай дзіцячай бібліятэкі Алене Цэрковіч – за ўкараненне сучасных праектаў па папулярызацыі кнігі, чытання і бібліятэкі і прадстаўленне іх з дапамогай папулярных форм у Інтэрнэце. Дыпломам другой ступені ўзнагароджана бібліятэкар Боркаўскай сельскай бібліятэкі Людміла Юдчыц – за крэатыўны падыход да папулярызацыі бібліятэчнага краязнаўства. Дыплом трэцяй ступені атрымала бібліятэкар Светацкай сельскай бібліятэкі Алена Літвінчук – за найлепшую папулярызацыю бібліятэкі ў адзіным мінімалістычным стылі. І яшчэ адзін дыплом трэцяй ступені ўручаны бібліятэкару Здзітаўскай сельскай бібліятэкі Здзітаўскага сельсавета Таццяне Юрковіч – за стварэнне станоўчага іміджу бібліятэкі як сучаснага інфармацыйна-культурнага цэнтра. Акрамя дыпломаў, усе прызёры атрымалі спецыяльныя прызы.
 Свята атрымалася цёплым. Яго падрыхтавалі супрацоўнікі Бярозаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі, настаўнікі і выхаванцы Дзіцячай школы мастацтваў, бібліятэкары і чытачы Стрыгінскай і Сакалоўскай сельскіх бібліятэк. Акрамя дзейства на сцэне,
у фае былі арганізаваны кніжныя выставы, якія таксама выклікалі жывы інтарэс у публікі.

Фота Сцяпана Цюшкевіча.


snowflake snowflake snowflake snowflake snowflake snowflake snowflake snowflake snowflake snowflakeWordpress snowstorm powered by nksnow