З ПРАГАЙ ДА ЖЫЦЦЯ

  Для шчырых аматараў чытання, да якіх адношу і сябе, любая бібліятэка найперш скарбніца мастацкай літаратуры. Дзякуючы супрацоўнікам цэнтральнай раённай бібліятэкі, якія адмыслова працуюць з наведвальнікамі розных узростаў і без перабольшвання ведаюць густы і запросы кожнага чытача, за мінулы год асабіста я пазнаёмілася з шэрагам новых кніг айчыннай і замежнай літаратуры. Гэта былі выданні, акрамя літаратурна-мастацкага накірунку, і гістарычнай, праваслаўнай, мемуарнай літаратуры. Даспадобы тыя кнігі, анатацыі да якіх складзены таленавітымі і вельмі паважанымі ў чытацкім асяродку знакамітымі аўтарамі, такімі як Людміла Уліцкая, Вікторыя Токарава, Алесь Карлюкевіч, Людміла Урублеўская, Уладзімір Гніламёдаў і іншымі. Прычым гэта былі новенькія кнігі з амаль салодкім пахам прадказальна шчаслівага баўлення часу з любімым творам, роздумам над фактамі, зачараваннем мілагучным родным беларускім словам.

  Прапанаваную кнігу незнаёмай аўтаркі Надзеі Дрыла «Сустрэчы без абцасаў» я пагадзілася прачытаць па той прычыне, што прадмову да яе напісала Валянціна Паліканіна, вядомая беларуская паэтка, аўтарка шматлікіх вершаваных зборнікаў, а яшчэ слоў да папулярных лірычных песень, якія выконваюць многія беларускія артысты. Так атрымалася, што амаль дзесяць гадоў таму на падвядзенні вынікаў творчага конкурсу на лепшы нарыс сярод медыйных выданняў рэспублікі, які праводзіў Беларускі саюз жанчын, мы з Валянцінай Пятроўнай апынуліся разам за адным сталом і вельмі хваляваліся. Потым віншавалі адна адну і размаўлялі. На памяць засталася кніга вершаў гэтай паэткі са шчырым аўтографам. Прынамсі, піша вершы яна на рускай мове, а ўступ да названай кнігі цёпла і лірычна напісаны ёю па-беларуску. Гэта і зацікавіла, тым больш упершыню я чытала твор, складзены з публіцыстычных нарысаў-інтэрв’ю журналісткі рэспубліканскай газеты «Звязда», аўтаркі аднайменнага з назвай кнігі творчага праекта Надзеі Дрыла.
  Не адкрыю сакрэта, калі скажу, што доўгі час светам кіравалі прадстаўнікі моцнага полу. І да нашых дзён засталіся назвы прафесій, якія не маюць жаночага роду, напрыклад, урач, бухгалтар, прафесар, карэктар і г.д., але час рупліва мяняецца, і загадчыцай, лётчыцай, упраўляючай, настаўніцай, грамадскім і палітычным дзеячам усё часцей становяцца жанчыны, якія адразу зрабілі свет стыльным, эфектным, харызматычным, дабрэйшым, наогул, цікавым. А што для гэтага трэба? Па меркаванні В.П. Паліканінай, любіць жыццё, верыць ва ўласныя сілы і поспех, а жыццё абавязкова адкажа ўзаемнасцю. І такіх жанчын: прыгожых, разумных і таленавітых вельмі шмат на Беларусі. Кніга хораша ілюстравана, і кожны партрэт гераіні як дапаўненне да гутаркі.
  Пачынаецца зборнік інтэрв’ю Надзеі Ермаковай, цяпер экс-кіраўніка Нацыянальнага банка Беларусі. Прынамсі, з прафесійнага пункту гледжання цяжка і прадугледзець, якія пытанні можна задаць гэтай вядомай асобе, каб яна раскрыла сваю душу, падзялілася асабістым і набалелым. Аказваецца, трэба, каб склаліся такія ўзаемаадносіны, і чалавек сам расказаў патаемнае. У аўтара Надзеі Дрыла гэта атрымалася, і мы ўбачылі Надзею Андрэеўну Ермакову – статную прыгажуню, маці дзвюх дачок, цешчу, бабулю, веруючага чалавека, шчырую сяброўку, адказнага кіраўніка, якая валодала мужчынскім стылем кіравання і, нягледзячы на пасаду, была самай звычайнай жанчынай, якая ўмее і любіць… шыць.
  Уразілі старонкі пра Надзею Каткавец, былога намесніка міністра сельскай гаспадаркі і харчавання нашай рэспублікі. Яна родам з вёскі ля Ясельды ў Іванаўскім раёне, школьніцай марыла стаць калгасным эканамістам. На момант інтэрв’ю была дырэктарам Дэпартамента аграпрамысловай палітыкі Еўрапейскай эканамічнай камісіі, потым намеснікам кіраўніка справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Мае матэматычны склад розуму і мужчынскі характар. А яшчэ яна маці чатырох сыноў, заўсёды стаіць на баку нявестак, шчаслівая бабуля. Змалку Надзея Мікалаеўна прывучана да працы на зямлі, таму і цяпер дапамагае сваёй маці садзіць і выкопваць бульбу, любіць завіхацца на кухні і лічыць сябе шчаслівым чалавекам.
  З рэдактарам «Гродзенскай праўды» Аленай Берасневай я таксама пазнаёмілася на адным з творчых пасяджэнняў Беларускага саюза журналістаў. Цікава было бачыць на кніжнай старонцы яе партрэт і чытаць адказы на пытанні як дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Пра прафесію, сямейнае жыццё, абавязкі парламентарыя, пра сваю памочніцу Надзею Сакалову, таленавітую журналістку і харызматычную асобу, якую, асабіста сцвярджаю, ведаў у час навучання не толькі журфак, але і ўвесь Белдзяржуніверсітэт. І пра шчасце. Па меркаванні Алены Пятроўны, да шчасця трэба «імкнуцца… Яно абавязкова здараецца, калі проста робіш добрыя справы і пры гэтым не чакаеш нічога ўзамен».
  І зноў пра шчасце, цяпер ужо Людмілы Шчаслівенкі (само прозвішча па бацьку чаго вартае! У шлюбе яго не змяняла), намесніка дырэктара навасібірскага Беларускага культурна-асветніцкага цэнтра імя Еўфрасінні Полацкай. Нарадзілася ў Сібіры, але з маленства ў яе сэрцы родная Беларусь, адкуль паходзіў бацька і дзе жыве шматлікая радня. Яе дэвіз: «Не пытайся, што Радзіма зрабіла для цябе. Спытай сябе, што ты зрабіў для Радзімы». Таму згуртавала ў цэнтры людзей, каб распавядаць ім пра непаўторнасць нашага народа, краіны, гісторыі. Узнагароджана медалём Францыска Скарыны ад імя Прэзідэнта Беларусі А.Р. Лукашэнкі за вялікі ўклад у захаванне беларускай культуры на сібірскай зямлі і ўмацаванне братэрскіх адносін паміж народамі Расіі і Беларусі.
  А яшчэ цікава было чытаць пра апантаную даследчыцу творчасці сусветна вядомага мастака Марка Шагала, дырэктара музея Людмілу Хмяльніцкую з Віцебска, якая сваімі няўрымслівымі пошукамі дакументальна пацвердзіла сувязь мастака з горадам над Дзвіной, знайшла яго нашчадкаў за мяжой і выдала цікавую кнігу. На чарзе – новыя даследаванні і новыя цікавыя выданні пра знакамітага земляка, яго каханых жанчын і тагачасны Віцебск.
  Кожная гісторыя пра жанчыну – гэта свая траекторыя руху, сваё бачанне шчасця. Памятаеце фільм «Масква слязам не верыць», дзе гераіня, дзякуючы сваёй упартасці і працаздольнасці, прайшла ўсе прыступкі кар’ернай лесвіцы і стала дырэктарам прадпрыемства? Іна Віктараўна Маліноўская, дырэктар жодзінскага «Світанка», які вырабляе трыкатажную бялізну, за 34 гады таксама прайшла такі шлях. Сёння прадпрыемства працуе рэнтабельна, кіраўнік у пашане, а яшчэ яна любімая жонка і шчаслівая маці, сын і дачка якой выбралі па прыкладу маці нялёгкую працу ў лёгкай прамысловасці. Але не толькі шчаслівыя жанчыны сталі гераінямі інтэрв’ю. Кажуць, два крыжы на адну сям’ю не даюцца, а як тут не пагадзіцца з такой прымаўкай. Людміла Міхайлаўна Гуцько, дырэктар адзінага ў Беларусі цэнтра дзённага знаходжання для дарослых з цяжкімі разумовымі і фізічнымі абмежаваннямі, маці дарослага сына Косці, які пасля нараджэння 28 гадоў не рухаецца, але жанчына не страціла аптымізму. У яе карпатлівы муж, паслухмяны старэйшы сын, уважлівы ўнук, таму жанчына сама дапамагае бацькам хворых дзяцей ва ўсім шукаць станоўчыя бакі, марыць пра лепшае, і яно абавязкова здзейсніцца. Немагчыма без скрухі чытаць аповед пра Ганну Гарчакову, заснавальніцу першага на Беларусі дзіцячага хоспіса, якая кожны дзень бачыць пакуты маленькіх падапечных, бізнэс-лэдзі Валянціну Вайцяшонак, сын якой амаль дзесяць гадоў змагаўся з цяжкай хваробай, і маці не мела права быць побач з ім слабой.
  Юрыст Алена Ждановіч упершыню ў рэспубліцы стала адвакатам-медыятарам, і цяпер шэраг судовых спраў, дзякуючы ёй, можна вырашаць без звароту ў суд. З голасам Наталлі Наважылавай мы знаёмыя па ўроках гімнастыкі, якія яна праводзіць на рэспубліканскім радыё. Гэтая маладжавая жанчына некалі сама хадзіла па ўстановах, каб навучыць людзей культуры здаровага ладу жыцця. Дырэктар Нацыянальнай школы прыгажосці Алена Троіцкая так гаворыць пра сябе: «Ёсць людзі, якія апускаюць рукі. Але гэта не пра мяне».
  І так можна гаварыць пра кожную жанчыну, якая стала гераіняй нарысаў-інтэрв’ю Надзеі Дрыла. Ім няма калі жаліцца на лёс, яны жывуць з верай ва ўласныя сілы і поспех. І хай хто скажа, што гэта кніга пра жанчын і толькі для жанчын! Па маім меркаванні, пра лёсы гэтых упэўненых, рашучых, мужных і апантаных жанчын, пра трагедыі, падзенні і ўзлёты варта прачытаць і моцнай палавіне нашага грамадства. Каб разам змяняць свет да лепшага, быць надзейнымі паплечнікамі і памагатымі.
Яшчэ я адкрыла для сябе новага аўтара – Дзеніслава Нічыпаровіча. Яго «Пушчанскія акварэлі», невялічкі зборнічак з аповесці, некалькіх апавяданняў, настолькі зачаравалі прыгажосцю беларускай мовы, апісаннем краявідаў і лёсаў няскораных людзей, што доўга была пад іх уплывам. Варта адзначыць, што родам ён з Мікалаеўшчыны, дзе нарадзіўся славуты пясняр Якуб Колас. Буду чакаць новых сустрэч з творамі гэтага шчырага беларуса.

Людміла ГІЛЁВА.


snowflake snowflake snowflake snowflake snowflake snowflake snowflake snowflake snowflake snowflakeWordpress snowstorm powered by nksnow