Сычык Іван Іванавіч
Пісьменнік-празаік, мастак.
Нарадзіўся 25 красавіка 1954 года ў в.Здзітава (Спораўскага сельскага савета) Бярозаўскага раёна ў сялянскай сям’і. У 1970 годзе паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча імя І.Глебава. Працаваў доўгія часы ў Брэсцкім вытворча-мастацкім камбінаце “Мастацтва”.
З дзяцінства любіў маляваць, пісаць вершы і абразкі. Дасылаў свае творы ў газеты “Піянер Беларусі”, “Зорька”, у часопіс “Бярозка”. Некаторыя творы былі апублікаваны. У юнацтве давялося цяжка працаваць на гаспадарцы, сенажацях, у калгасе, на лесараспрацоўках, будоўлях.
Іван Іванавіч шмат пісаў жывапісных твораў (асабліва прывабнымі атрымліваліся лірычныя акварэльныя пейзажы), актыўна удзельнічаў у абласных, рэспубліканскіх і замежных выставах. Тады ж пачаў сур’ёзна займацца прозай, аддаючы перавагу роднай мове.
У 1990 годзе Іван Сычык дэбютаваў чатырма апавяданнямі ў часопісе “Маладосць”. Друкаваліся творы і ў часопісах “Родная прырода”, “Вожык”, у газетах “Літаратура і мастацтва”, “Чырвоная змена”, у абласных газетах.
Аўтар адзінай прыжыццёвай кнігі “За брамай маўчання” (1994); празаічных твораў: аповесці “Бацькаўшчына” (1991), невялікіх раманаў “Крыж пакут і надзей” (1983 – 1984), “Покліч бездані” (1995).
У 2012 годзе пасмяротна выйшла апошняя кніга прозы “Крыж пакут і надзей”.
За апошнія гады свайго жыцця пісьменнік напісаў шэраг твораў прозы: раман-дылогія “Шлях да святла”, невялікія раманы “Водгулле мінуўшчыны”, “Цені спакусы”, “Храм выратавання”; аповесці “Поле засеянае”, “Вяртанне да зямлі”, “Палесская балада”, “Воі духоўныя”, “Подых свабоды” і іншыя. Пералічаныя творы ёсць толькі ў рукапісах.
Іван Сычык заўчасна пайшоў з жыцця 28 верасня 2001 года.