Разанаў Алесь Сцяпанавіч
Паэт-наватар, перакладчык, эсэіст, член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1972 года, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1990, за кнігу “Вастрыё стралы”), Міжнароднай літаратурнай прэміі імя Ёгана Готфрыда Гердэра, лаўрэат прэміі «Залаты апостраф».
Нарадзіўся 5 снежня 1947 года ў в. Сялец Бярозаўскага раёна, ў сям’і служачых. Бацька — Сцяпан Разанаў, паходзіць з Тамбоўскай вобласці, прыехаў з геадэзічнай экспедыцыяй да вайны ў Беларусь, дзе і застаўся. У 1966 А. Разанаў паступіў на філалагічны факультэт БДУ, які скончыў у 1970. У 1970—71 працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе вёски Кругель Камянецкага раёна. З 1972 жыве ў Мінску; 1972-74 — літаратурны супрацоўнік газеты «Літаратура і мастацтва» і часопіса «Родная прырода». Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1972. У 1974-86 — рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». Вучыўся ў славістычнай школе ў Чэхаславакіі (1988). З 1990 года – старшыня Беларускага рэспубліканскага фонду імя Рэрыхаў.
Аўтар паэтычных зборнікаў “Адраджэнне” (1970), “Назаўжды” (1974), “Каардынаты быцця” (1976), “Шлях-360” (1981), “Вастрыё стралы” (1988), “У горадзе валадарыць Рагвалод” (1992), “Паляванне ў райскай даліне” (1995), “Гліна. Камень. Жалеза” (2000), “Танец з вужакамі” (2002), “Кніга ўзнаўленняў” (2005, беларускі кніжны эпас, пераведзены на сучасную беларускую мову), “Лясная дарога” (2005, версэты), “Каб мелі шчасце ўваскрасаць і лётаць” (2006, кніга паэм), “Дождж: возера ў акупунктуры” (2007, пункціры), “Месяц думае, Сонца разважае”.
Апошнія зборнікі – “Сума немагчымасцяў” (2009, зномы), “Пчала пачала паломнічаць” (2009, вершаказы), “Воплескі даланёю адною” (2010, пункціры), “З апокрыфа ў канон” (2010, гутаркі, выступленні, нататкі).
Перакладае з літоўскай, латышскай, грузінскай, балгарскай, серба-харвацкай, чэшскай, англійскай моў. Пераклаў кнігу К. Саі для дзяцей «Гэй, хавайцеся!» (1982), п’есу У. Шэкспіра «Сон у летнюю ноч», раман Ё. Авіжуса «Час, калі пусцеюць сядзібы» (1989), выбраную паэзію У. Бэрзыньша (2013). Склаў кнігу паэзіі Я. Купалы «Выйду з сэрцам, як з паходняй!..» (1982). Выдаў па-нямецку зборнік «Wortdichte» (2003).
Творы паэта перакладзены больш чым на 20 моў свету, у тым ліку на англійскую, нямецкую, балгарскую, грузінскую, чувашскую, чэшскую, эстонскую мовы.
Наш геніяльны зямляк з’яўляецца заснавальнікам новых вершаваных форм у беларускай паэзіі – версэтаў, вершаказаў, зномаў, пункціраў.