Казловіч Анатоль

  Пісьменнік-празаік, журналіст, сцэнарыст, педагог, член Саюза пісьменнікаў СССР з 1981 года, першы лаўрэат прэміі імя Алеся Адамовіча (1995) за літаратурна-публіцыстычнае ўвасабленне беларускай нацыянальнай ідэі ў серыі прытчаў “Паміж небам і зямлёй”.
   Нарадзіўся 16 верасня 1946 года ў в.Горск Бярозаўскага раёна ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння Малецкай сярэдняй школы Бярозаўскага раёна (1964) працаваў памочнікам экскаватаршчыка ў Сігневіцкім будаўніча-мантажным упраўленні меліярацыі. Каля года працаваў фотакарэспандэнтам бярозаўскай раённай газеты “Маяк коммунизма”. Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта (1969). Працаваў у рэспубліканскай “Сельской газете” карэспандэнтам, рэдактарам аддзела нарыса і публіцыстыкі часопіса “Неман”. З 1977 года – загадчык карэспандэнцкага пункта “Литературной газеты” ў БССР. Выкладаў журналістыку ў Інстытуце парламентарызму і прадпрымальніцтва ў Мінску і ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце ў Вільнюсе.
      Дэбютаваў у рэспубліканскім друку ў 1964 годзе вершамі.
   Аўтар зборнікаў нарысаў “Дыханне” (1977), “Что открывает “колумбик”, “Цеховые будни” (1977), “Пора идти” (1979), “Красный остров” (1988); кніг дакументальных аповесцей “Далеко впереди” (1981), “Дитя моё золотое” (1984), “Трудно любить” (1985), “Рассвет” (1986), “На моей ладони линия реки” (1987), “Место под солнцем” (1988), “Красный остров” (1988) і іншых.
   Кніга «Если бы да кабы» убачыла свет у 1994 годзе. Асаблівасць гэтага твору ў тым, што ён напісаны на палескім дыялекце. Мясцовы каларыт гаворкі зберагаюць і тапанімічныя назвы. Кніга мае дадатак у выглядзе “Слоўніка мікратопонімаў вёскі Горск Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці”.
  Аўтар літаратурных сцэнарыяў дакументальных фільмаў “Зачем нужны контролеры” (1979), “Испекли мы каравай” (1980), “Взлететь бы!” (1990).
   Анатоль Казловіч з’яўляецца лаўрэатам прэміі часопіса “Неман” (1976) за нарыс “Я — кантралёр”, лаўрэатам прэміі прафсаюзаў Беларусі (1991) за кнігу “Уласны карэспандэнт”.
  У перыяд з верасня 1994 года па красавік 1995 у “Народнай волі” друкаваўся цыкл аўтабіяэкалагічных прытчаў “Беларусы паміж небам і зямлёю”. За цыкл эсэ “Беларусы паміж небам і зямлёю” Анатолю Казловічу была прысуджана ўпершыню Літаратурная прэмія імя Алеся Адамовіча.
   Пайшоў з жыцця 14 кастрычніка 2011 года пасля цяжкай хваробы.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

*

ru_RURU