Амялюсік Мікалай Васільевіч
Паэт, аматар-фотапалявання, аўтар навукова-папулярнага асветніцкага выдання «Рябина у окна».
Нарадзіўся 15 сакавіка 1949 года ў в.Стаўкі Бярозаўскага раёна. Тут вучыўся ў пачатковай школе, потым хадзіў у дзесяцігодку ў вёску Міжлессе. Пасля службы ў арміі застаўся ў Сігневіцкім будаўніча-меліярацыйным упраўленні. У той жа час паспрабаваў свае сілы на творчай ніве: пачаў друкавацца ў Бярозаўскай раённай газеце “Маяк коммунизма”. Публікацыя першага верша на старонках газеты датуецца 1970 годам. У 1973-1975 гг. займаў прызавыя месцы ў конкурсе “Сохраним и приумножим природные богатства”.
Мікалай Амялюсік працаваў нейкі час фотакарэспандэнтам раённай газеты. Пасля рэдакцыі быў рыбгас “Белаазёрскі”, затым пачалася ягоная адысея міліяратара. Спачатку на прасторах Бярозаўскага раёна – Сялецкае водасховішча, возера Чорнае, Спораўскія балота. Затым была Гомельшчына, потым зноў Брэстчына.
Дзякуючы геадэзісту-меліяратару Мікалаю Амялюсіку, удалося захаваць для нашчадкаў дзівосны куточак палескай прыроды – біялагічны заказнік “Спораўскі”. Менавіта ён натрапіў на Спораўскіх балотах на каштоўную кветку – венерын чаравічак. Пра незвычайную біялагічную знаходку ён расказаў на старонках раённай газеты, паставіў шэраг пытанняў.
Фотаздымкі і замалёўкі Мікалая Амялюсіка друкаваліся на старонках часопіса “Родная прырода”. Ён быў знаёмы з вядомымі беларускімі аматарамі фотапалявання Вадзімам Сугойдзем, Віктарам Ярашчуком, Вільгельмам Дубіловічам. Разам яны пабывалі ў Белавежскай пушчы, Негарэльскай паляўнічай гаспадарцы. Гэтыя сустрэчы і вандроўкі падштурхнулі да новых творчых пошукаў.
У 1989 годзе ў рэспубліканскім выдавецтве “Полымя” ўбачыла свет першая і, як высветлілася, апошняя кніжка эцюдаў аб прыродзе «Рябина у окна» сябра усесаюзнага арніталагічнага таварыства, нашага земляка Мікалая Амалюсіка.
Не стала Мікалая Васільевіча Амалюсіка ў 1996 годзе.