Арахоўскі Мікола (Мікалай Аляксандравіч)

  Беларускі драматург, лаўрэат Рэспубліканскай прэміі Саюза тэатральных дзеячаў імя Кандрата Крапівы (1997, за п’есу “Лабірынт”), таленавіты мастак, скульптар.
  Нарадзіўся 3 ліпеня 1950 года ў в. Сялец Бярозаўскага раёна. Вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы (1966-1968), у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце (1974-1976), працаваў мастаком-афарміцелем у Бярозаўскім раённым Доме культуры (1972) і ў Брэсцкіх вытворча-мастацкіх майстэрнях (1977). Напісаў больш 10 п’ес, асобныя з якіх адзначаны прэміямі на рэспубліканскіх конкурсах па драматургіі.
   Найбольш вядомы і папулярны твор драматурга п’еса “Машэка”, якая была пастаўлена на сцэне Брэсцкага абласнога тэатра драмы (1989). У 1991 годзе яна прагучала на Беларускім радыё, праз нейкі час на экране Беларускага тэлебачання яна ішла пад назвай “Прывіды”.
   Шчаслівы лёс і ў п’есы “Напярэдадні”, якая была пастаўлена ў 1991 годзе Бярозаўскім народным тэатрам (рэжысёр Н.Кісялёва). У п’есе многае ўзята з жыцця аднавяскоўцаў-сельчукоў. Гэта так званы сельскі дэтыктыў.
   У тым жа 1991 годзе Мінскі тэатр нацыянальнай драматургіі паставіў п’есу “Ку-ку”, якая была адзначана 1-й прэміяй на рэспубліканскім конкурсе па драматургіі.
Для маленькіх чытачоў драматург напісаў творы “Жыў-быў шчупак”, “Міль і яго сябры”.
  Не стала Міколы Арахоўскага 10 красавіка 1997 года. П’еса “Лабірынт” была апублікавана пасля смерці аўтара. У 1997 годзе ўдастоена прэміі імя К.Крапівы.
   Многія творы пісьменніка засталіся толькі ў рукапісах, якія зберагаюцца ў літаратурна-краязнаўчай гасцёўні “Вытокі Башты” Сялецкай сельскай бібліятэкі. Яе таксама ўпрыгожваюць карціны мастака Міколы Арахоўскага.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

*

ru_RURU