Гаравая Маргарыта Іванаўна
Паэтэса, журналіст.
Нарадзілася 28 красавіка 1955 года ў горадзе Пружаны ў сям’і служачых. У 1956 годзе сям’я будучай паэтэсы пераязжае на сталае жыхарства ў горад Бярозу. Скончыла Бярозаўскую сярэднюю школу №1 (1962-1972).
Ужо ў восьмым класе Маргарыта Гаравая стала прызнаным школьным паэтам. Была членам школьнага гуртка, які выпускаў літаратурны альманах “Узлёт”. Пачала друкавацца на літаратурнай старонцы раённай газеты “Маяк коммунизма”, стала членам літаратурнага аб’яднання “Крыніца”.
У 1971 годзе адбыўся літаратурны дэбют маладой паэтэсы: у выпуску “Крыніцы” быў надрукаваны верш “Гимн осени”.
Восенню 1972 года Маргарыта разам з маладым журналістам газеты “Маяк коммунизма” Святланай Алексіевіч прадстаўляла Бярозаўскі раён на абласной літаратурнай канферэнцыі, дзе яе вершы атрымалі высокую ацэнку ад вядомых паэтаў.
Скончыла гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Ф.Скарыны (1973-1978) па спецыяльнасці “Гісторык, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства”. Працавала піянерважатай у школе, выхавацелем дзіцячага сада. Была карэспандэнтам радыёгазеты Гомельскага радыёзавода “Ударный труд”, а з 1988 года – яе рэдактарам. Увесь час актыўна друкавалася ў завадской шматтыражцы не толькі як журналіст, але і як паэт. У 1995 годзе яна была назначана рэдактарам аб’яднання рэдакцыі шматтыражнай газеты “Голос” і завадскога радыёвяшчання Гомельскага радыёзавода.
У 1996 годзе Маргарыту Іванаўну назначаюць галоўным спецыялістам па інфармацыі адміністрацыі Савецкага раёна горада Гомеля. У гэты перыяд яе вершы друкаваліся ў мясцовых газетах “Советский район”, “Гомельская правда” і гісторыка-культурным і літаратурна-мастацкім часопісе “Палессе”.
У 1997 годзе Маргарыта Гаравая вяртаецца ў горад Бярозу і ўзнаўляе супрацоўніцтва з раённай газетай “Маяк”. У выпусках “Крыніцы” зноў пачынаюць друкавацца яе творы. З 1999 года яна становіцца штатным супрацоўнікам рэдакцыі раённай газеты “Маяк”, дзе і да гэтага часу працуе загадчыцай аддзела сацыяльных праблем. Вершы Маргарыты Гаравой рэгулярна друкуюцца на старонках часопіса “Гаспадыня” і газет “Вечерний Брест”, “Брестский курьер”.
Аўтар паэтычнага зборніка “Ареал любви” (2001), паэм “Почаевский дневник” (2006) і “Снова в Феодосии” (2007), апублікаваных у газеце “Маяк”.
Рыхтуецца да выхаду новы зборнік вершаў Маргарыты Гаравой “Dum spiro…” (“Пока дышу…”).
,