На агеньчык да землякоў

 Шмат гадоў Сялецкая сельская бібліятэка аб`ядноўвае ўсіх, хто цікавіцца літаратурнай спадчынай рэгіёна. Вельмі рады, што па прыездзе на радзіму нашу ўстанову наведаў паэт- зямляк, перакладчык, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы і еўрапейскай Літаратурнай прэміі імя Егана Готфрыда Гердэра Алесь Разанаў.
 Чытачы, якія ў той дзень прыйшлі ў бібліятэку, мелі магчымасць весці жывую размову з паэтам. Асабліва шчырай і хвалюючай нечаканая сустрэча стала для дзяцей. Сябры маладосці Алеся Разанава – настаўнік і краязнаўца Мікалай Аляксандравіч Пейган і стараста аграгарадка Сялец Віталь Іванавіч Капярэйка падзяліліся з паэтам добрымі ўспамінамі. Знакаміты зямляк, які сёлета адзначае юбілей, паабяцаў, што і далей будзе падтрымліваць творчыя стасункі з чытачамі бібліятэк раёна.
 Алесь Сцяпанавіч перадаў у дар бібліятэцы свае новыя зборнікі, сярод якіх кніга перастварэнняў “Францыск Скарына. Маем найбольшае самі”, што вельмі сімвалічна ў год святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Кніжныя падарункі Алеся Разанава папоўняць дакументны фонд бібліятэчнай літаратурна-краязнаўчай гасцёўні “Вытокі Башты”, дзе сабраны багаты матэрыял аб гісторыі вёскі Сялец і вядомых асобах нашага краю.

Таццяна Ліннік
Бібліятэкар Сялецкай сельскай бібліятэкі