Над Белым возерам ляціць санет…
Чарговыя паэтычныя чытанні, прысвечаныя Ніне Мацяш, таленавітай паэтцы, мужнай грамадзянцы, шчырай сяброўцы, любай сястрычцы, сёлета як тэму з усяго яе літаратурнага багацця вылучылі вянок санетаў “Бабіна лета ў Белаазёрску”.
Яго назва дала імя паэтычным чытанням, якія Белаазёрская гарадская бібліятэка імя паэткі штогод ладзіць для жыхароў горада з дапамогай беларускіх пісьменнікаў. А яны лічаць для сябе святой справай наведаць Белаазёрск у дзень народзінаў Ніны Мацяш – 20 верасня.
Восеньскі настрой “вянка санетаў” невыпадковы – Ніна любіла гэту пару года. Знаёмыя сімвалы восені – павуцінка, золата лісця, празрыстасць паветра, ласкавасць сонейка – усё гэта ўплецена ў канву твора, каб падкрэсліць тую строгасць, няспешнасць, з якой паэтка азіралася на ўласнае жыццё з яго набыткамі і стратамі, рабіла высновы, ставіла строгія адзнакі сабе, сваім учынкам, словам, думкам, вызначала сваё месца ў жыцці іншых людзей. Вянок санетаў “Бабіна лета ў Белаазёрску” з’явіўся вынікам духоўных пошукаў паэткі.
Паслухаць вянок санетаў і паразважаць пра твор, пра неабсяжны свет, які завецца Ніна Мацяш, прыехалі берасцейскія пісьменнікі Іван Мельнічук, Мікола Пракаповіч, Мікола Аляхновіч, Сяргей Амяльчук, Марыя Новік і Святлана Варонік. Бярозаўская сябрына Ніны была прадстаўлена дырэктарам сярэдняй школы №1 г. Бярозы Міколам Жуковічам, паэткамі Валянцінай Осіпавай, Марыяй Сцяфанавай. Госці вечарыны расказвалі са сцэны пра сяброўства з Нінай, пра яе непаўторную прысутнасць у іх лёсах, аб уздзеянні яе паэзіі і асобы на думкі і ўчынкі.
На вечарыне прагучалі песні на вершы і музыку Ніны Мацяш. Выконвалі іх сяброўкі паэткі, якія калісьці любілі спяваць разам з ёй. Гучалі вершы Ніны, а таксама вершы нашых гасцей-паэтаў. Чыталі вершы паэткі і вучаніцы сярэдняй школы №3 г. Белаазёрска Ніна Мяшкова і Алена Шаставец.
Сцэна нагадвала сонечны куточак восеньскага скверыка, гучалі скрыпка і гітара, што спрыяла ўзвышанай творчай атмасферы. Дэвіз нашых святаў, як і гімн, што пакінула нам Ніна Мацяш, застаецца ранейшым: “Раскрыймася найлепшым у сабе!”