Традыцыя прыгатавання рыбы, сушанай у печы на саломе, і страў на яе аснове ў вёсках Здзітава, Пескі, Спорава, Хрыса Бярозаўскага раёна
Да нядаўняга часу ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь было ўнесена два элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны з Бярозаўшчыны – “Побытавы танец “Спораўская полька”” і “Традыцыя вырабу шчэпавай птушкі-абярэга на тэрыторыі Бярозаўскага раёна”.
4 верасня 2019 года на пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь было прынята рашэнне ўключыць у Спіс “Традыцыю прыгатавання рыбы, сушанай у печы на саломе, і страў на яе аснове” ў вёсках Здзітава, Пескі, Спорава і Хрыса Бярозаўскага раёна.
Традыцыя рыбнай кухні на прыкладзе Бярозаўскага раёна ўпершыню прапанавалася для надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Прадстаўлялі яе намеснік дырэктара ДУК “Бярозаўская раённая бібліятэчная сістэма” В. В. Лаўрэнчук і дырэктар Спораўскага цэнтра культуры і вольнага часу Н. І. Пашкевіч. Фіксацыю, навуковую апрацоўку і мастацкую ацэнку элемента правялі супрацоўнікі Бярозаўскай раённай бібліятэчнай сістэмы.
Як у даўніну, так і да гэтага часу сушаная ў печы рыба і стравы з яе карыстаюцца вялікім вопытам у сем’ях жыхароў вёсак Спорава, Пескі, Здзітава і Хрыса, займаюць на сталах адно з галоўных месцаў нараўне з хлебам.
Сушаная ў печы на саломе рыба – своеасаблівы брэнд вёскі Спорава. А наданне традыцыі прыгатавання гэтай стравы статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці – выдатная магчымасць для развіцця турыстычнага патэнцыялу рэгіёна.
Больш падрабязную інфармацыю можна знайсці ў наступных крыніцах:
Гук, А. Спораўская рыба – каштоўнасць Беларусі : [сакрэты прагатаваня спораўскай рыбы] / Ала Гук // Маяк. – 2019. – 21 сентября. – С. 16.