«У садзе маім залатыя жыткі ды вяргіні»
«Дзячу долі за ўсе пуцявіны» – гэтыя словы належаць Ніне Мацяш, таленавітай і мужнай паэтцы, чыё жыццё было і застаецца для сучаснікаў прыкладам духоўнай моцы, трываласці ў пераадоленні ўласнай бяды, складанасці і супярэчлівасці лёсу. І здольнасць на падзяку гэткаму лёсу «за ўсе пуцявіны» – адзнака перамогі над пакутамі, перамогі над сабой.
Радасны настрой сустрэчы сяброў панаваў на чарговай вечарыне паэтычных чытанняў «Бабіна лета», прысвечаных Ніне Мацяш. Свята ў гэтым годзе адбылося ў Белаазёрскім ДПТКэ, установе адукацыі, дзе Ніна Язэпаўна, выкладала ў свой час нямецкую мову, дзе пазней у скверыку любіла адпачываць сам-насам з прыродай. І апошняя творчая сустрэча Ніны адбылася таксама тут, у каледжы. І першая вечарына памяці выйшла таксама адсюль, каб потым звацца паэтычнымі чытаннямі «Бабіна лета з Нінай Мацяш» і праводзіцца штогод.
Тэмай паэтычнага свята стала добрая падзея: у літаратурнай серыі «Беларускі кнігазбор», дзякуючы руплівай працы сяброў паэткі Уладзіміра Васілевіча і Галіны Скарыны, нядаўна выйшла кніга выбраных твораў Ніны Мацяш, якая паставіла імя нашай зямлячкі на тую ж вышыню, што і імёны беларускіх пісьменнікаў-класікаў – Максіма Багдановіча, Якуба Коласа, Янкі Купалы, Кузьмы Чорнага, Івана Мележа, Уладзіміра Караткевіча і іншых. Гэта незвычайная кніга ўпершыню спалучыла паэзію, пераклады, публіцыстыку, эсэ, гутаркі, лісты і віншаванні Ніны Мацяш.
Каб прадставіць паэтычную частку выдадзенай кнігі, вучні белаазёрскай гімназіі і сярэдняй школы №3 чыталі на вечарыне вершы і афарызмы Ніны Мацяш, яе перакладныя творы. Пісьменнік Анатоль Вярцінскі ў сваім слове заўважыў, з якім жывым пачуццём, хваляваннем і разуменнем былі прачытаны вучнямі, хлопцамі і дзяўчатамі, паэтычныя творы!
Але творчасцю нашай зямлячкі цікавяцца і захапляюцца не толькі вучні г. Белаазёрска. Жыццё і творчасць Ніны Мацяш з’яўляюцца тэмай вывучэння і даследавання для навучэнцаў Мінскага ліцэя №2. І вынікам гэтай творчай працы стала перамога на рэспубліканскім конкурсе даследчых прац па літаратуры, на якім дзяўчаты занялі сёлета 3-е месца. Нашы госці, навучэнка ліцэя Аляксандра Вараб’ёва (цяпер яна – студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў) і яе настаўніца і творчы натхняльнік Алена Канстанцінаўна Пекач, з радасцю прадставілі прысутным у зале сваю творчую працу, зрабілі яе прэзентацыю, а таксама прэзентацыю кнігі аб Ніне Мацяш