Скробат Васілій Аляксандравіч
Паэт, празаік, журналіст.
Нарадзіўся 31 кастрычніка 1941 года ў в. Андрюшына Куйтунскага раёна Іркуцкай вобласці ў мнагадзетнай сям’і. У 1946 годзе сям’я пераехала на радзіму продкаў, у родную Беларусь. Пасяліліся ў в. Асека Бярозаўскага раёна.
Пасля заканчэння Сялецкай сярэдняй школы паехаў у горад Брацк, дзе працаваў электрыкам на камсамольскай будоўле. Скончыў авіяцыйнае вучылішча ў Навасібірску. Працаваў у грамадзянскай авіяцыі на Таймыры і ў Нарыльску, а пасля 1971 года – у вытворчым аб’яднанні “Сибтепломаш”, найбуйнейшага прадпрыемства санітарна-тэхнічнай прамысловасці Расіі, дзе прайшоў працоўны шлях ад рабочага да намесніка генеральнага дырэктара.
Першыя вершы яшчэ вучня Васі Скробата былі надрукаваны ў Бярозаўскай раённай газеце “Пламя”. У 1958 годзе, прыехаўшы ў Брацк, ён адразу ўключыўся ў паэтычнае жыццё маладога горада. Шмат гадоў узначальваў літаратурнае аб’яднанне “Истоки” горада Брацка.
Імя Васілія Скробата з’явілася ў кнізе “Память. Березовский район” нездарма. Яно знаходзіцца ў нарысе Пятра Лебядзева “Березовская “Крыніца” побач з імёнамі Алеся Разанава, Ніны Мацяш, Раісы Баравіковай, Зінаіды Дудзюк і іншых паэтаў і празаікаў-крынічан: вершы нашага земляка-сібірака на працягу многіх гадоў друкаваліся ў літаратурных выпусках газеты “Маяк”.
Наш зямляк – аўтар чатырох паэтычных зборнікаў, кнігі “Моя родня”, кнігі-споведзі “Исцеление”, у якую ўключаны фрагменты яго дзеннікаў, успаміны аб дзяцінстве, праведзеным на Бярозаўшчыне, разважанні аб пражытым і перажытым, вершы і фотаздымкі розных гадоў.