Сахарчук Васіль Якаўлевіч
Паэт, перакладчык, член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1988 года.
Нарадзіўся 10 ліпеня 1953 года ў в. Свадзьбічы Бярозаўскага раёна ў сялянскай сям’і. Скончыў беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1970-1975). Пасля заканчэння ўніверсітэта настаўнічаў у Касцюкоўскай васьмігадовай і Обчынскай сярэдняй школах Любанскага раёна Мінскай вобласці, затым у Высокаўскай сярэдняй школе Бярозаўскага раёна.
З 1979 года жыў у горадзе Жабінка, працаваў у рэдакцыі раённай газеты “Сельская праўда” загадчыкам аддзела сельскай гаспадаркі і адначасова кіраваў літаратурным аб’яднаннем “Плынь”.
Вершы Васіль Сахарчук пачаў пісаць яшчэ ў школе – падахвоціў яго да гэтага настаўнік беларускай літаратуры. Друкаваўся ў раённай газеце «Маяк коммунизма». Ва ўніверсітэце працягваў пісаць вершы, друкаваўся ў калектыўным зборніку паэзіі “Універсітэт паэтычны” (1971), дасылаў свае вершы ў часопісы “Маладосць”, “Беларусь”, газету “Чырвоная змена”, штотыднёвік “Літаратура і мастацтва”.
Першая нізка вершаў Васіля Сахарчука з узнёслай назвай “Зорны мост” з’явілася ў калектыўным зборніку маладой паэзіі “Крыло” ў 1984 годзе.
Аўтар кніг паэзіі «Зорны мост» (1984), «Даніна» (1988), “Ранішні госць” (1994), паэмы “Развітанне”.
Працаваў таксама ў галіне перакладу. У яго перакладзе з балгарскай мовы выйшлі зборнікі паэзіі П.Яварава «Апалавы пярсцёнак» (1988) і Д.Дэбелянава “Пад сурдзінку” (1993).
Рабіў пераклады з англійскай, рускай, украінскай моваў, пісаў артыкулы і эсэ.