«Я сёння разам з вамі…»

 Сярод мноства мерапрыемстваў публічных бібліятэк раёна чытачамі заўсёды запатрабаваны тыя, што прысвячаюцца вядомым ураджэнцам Бярозаўскай зямлі – юбілярам літаратурна-краязнаўчага календара.
 Героем літаратурна-музычнай праграмы “Слова аб вайне і маіх земляках”, якая прайшла ў чытальнай зале цэнтральнай раённай бібліятэкі, стаў вядомы журналіст, аўтар дваццаці пяці кніг нарысаў і публіцыстыкі, лаўрэат шматлікіх прэстыжных прэмій у галіне літаратуры Міхаіл Шыманскі, якому сёлета споўнілася 80 гадоў.
 Міхаіл Мікалаевіч родам з вёскі Пешкі, якая ў гады Вялікай Айчыннай вайны была спалена карным атрадам эсэсаўцаў. Разам з бацькамі шасцігадовы Міша ратаваўся ў лясах, у партызан. Не абмінула хлопчыка і пасляваенная неўладкаванасць. У тыя гады дзецям давялося працаваць уровень з дарослымі, каб узнавіць разбураную выйной гаспадарку. У будучым літаратар Шыманскі горача і хвалююча скажа сваё слова аб подзвігу беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і ўнікальных чалавечых лёсах.
 Вядучыя мерапрыемства Святлана Гунік і Людміла Галёнка распавядалі аб творчым і жыццёвым шляху нашага земляка, які ўпершыню паспрабаваў пісаць для раённай газеты “Маяк”, каб пасля сваёй творчасцю заслужыць ганаровае званне патрыярха беларускай журналістыкі. Гучалі ўспаміны з кніг Міхаіла Шыманскага, праілюстраваныя электронным відэаматэрыялам “Я адсюль у жыццё пакрочыў”.
 У мерапрыемстве прынялі ўдзел навучэнцы Бярозаўскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў. Разам з бібліятэкарамі ў творчы працэс уключыліся Дзмітрый Токар, Арцём Рахуба, Міхаіл Палоўнікаў, якія прачыталі ўрыўкі гераічнай тэматыкі з твораў пісьменніка “Прийти и поклониться”, “Мы этой памяти верны”, “Побратимы”, “Спасибо, солдаты, за Победу!”.
 За кнігу нарысаў “Мы этой памяти верны” Міхаіл Шыманскі ўдастоены Першай нацыянальнай літаратурнай прэміі 2015 года ў намінацыі “Лепшы твор публіцыстыкі”. Нашчадкі салдат Перамогі ўдзячны Міхаілу Мікалаевічу за яго праўдзівыя хвалюючыя радкі аб людзях гераічнага лёсу, нашых земляках, якія сапраўды напісаны сэрцам аўтара і якія, дзякуючы перакладам на англійскую, французскую, нямецкую, польскую, балгарскую мовы, знаходзяць чытача і за мяжой.
 Моладзь эмацыянальна ўразілі беларускамоўныя творы земляка “А ад гэтага хлеба…”, “Далёкі-блізкі ўспамін”, “Хоць даўно я жыву ў Мінску…”, пранікнёна данесеныя да аўдыторыі бібліятэкарамі Аляксандрай Логіс і Алай Кумпель.
 Творчы набытак літаратара ў друку дэманстравала ілюстраваная выстава “Тут пачалася мая доля…”.
 Незабыўнай сустрэчу маладых чытачоў з творчасцю Міхаіла Шыманскага зрабіў тэлефонны званок пісьменніка, у якім ён падзякаваў бібліятэкараў за руплівую краязнаўчую працу, інтарэс да творчасці пісьменнікаў-землякоў.
  — Я сёння разам з вамі, — падцвердзіў Міхаіл Мікалаевіч.
 З яго слоў, менавіта кніга і бібліятэка былі з маленства яго жыццёвымі спадарожнікамі, якія дапамаглі стаць прафесіянальным майстрам слова.

Ала Драган, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Бярозаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі.